- Агульныя палажэнні
1.1 Дадзеныя ўмовы вызначаюць парадак правядзення абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу навуковых даследчых краязнаўчых работ навучэнцаў (далей – конкурс).
1.2 Арганізацыйнае і метадычнае забеспячэнне правядзення конкурсу ажыццяўляецца дзяржаўнай установай адукацыі «Гродзенскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства» (далей – Цэнтр).
Для правядзення конкурсу на кожным этапе ствараюцца арганізацыйныя камітэты (далей ‒ аргкамітэты).
Аргкамітэт кожнага этапу конкурсу:
забяспечвае арганізацыйнае і метадычнае суправаджэнне конкурсу;
даводзіць інфармацыю аб конкурсе да ведама ўстаноў адукацыі;
вызначае месца і канкрэтныя даты правядзення адпаведнага этапу конкурсу, які прадугледжвае вызначэнне пераможцаў і прызёраў;
ажыццяўляе персанальны падбор складу журы конкурсу і зацвярджае яго ва ўстаноўленым парадку;
аналізуе і абагульняе вынікі конкурсу;
асвятляе ход падрыхтоўкі, правядзення і вынікі конкурсу ў сродках масавай інфармацыі.
У склад аргкамітэтаў могуць уваходзіць прадстаўнікі зацікаўленых дзяржаўных органаў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, устаноў адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі, прадстаўнікі органаў самаўпраўлення ўстаноў адукацыі і інш.
Для падвядзення вынікаў конкурсу на кожным этапе аргкамітэтам ствараецца журы, якое:
праводзіць папярэднюю экспертную ацэнку конкурсных работ, прадстаўленых навучэнцамі, і іх абарону;
вызначае пераможцаў і прызёраў адпаведных этапаў конкурсу;
прадстаўляе пратаколы па выніках конкурсу ў адпаведныя аргкамітэты.
- Мэта і задачы конкурсу
Конкурс праводзіцца з мэтай развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага фактару павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнца.
Задачы конкурсу:
стымуляванне матывацыі навучэнцаў да актыўнага ўключэння ў краязнаўчую даследчую дзейнасць, прывіццё даследчых навыкаў;
выяўленне малавядомых альбо страчаных фактаў рэгіянальнай гісторыі, адметнасцяў матэрыяльнай і духоўнай культуры;
садзейнічанне фарміраванню ў маладога пакалення патрыятычных пачуццяў, адказнасці за адраджэнне і захаванне гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны сваёй малой радзімы;
удасканаленне форм работы навуковых аб’яднанняў, аб’яднанняў па інтарэсах, факультатываў краязнаўчай накіраванасці;
садзейнічанне прафесійнаму самавызначэнню навучэнцаў.
- Удзельнікі конкурсу
У конкурсе прымаюць удзел асобныя навучэнцы (індывідуальна) устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ва ўзросце 13 – 17 гадоў.
- Парадак правядзення конкурсу
4.1 Конкурс праводзіцца ў тры этапы з вызначэннем пераможцаў і прызёраў на кожным этапе:
першы этап (адборачны) – ва ўстановах адукацыі;
другі этап (адборачны) – раённы;
трэці этап (адборачны) – абласны. Абласны этап праводзіцца ў два туры: першы – завочны, другі – вочны.
4.2 Намінацыі конкурсу
На першы тур абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прадстаўляюцца самастойна выкананыя навучэнцам пад кіраўніцтвам педагога навукова-даследчыя праекты краязнаўчай накіраванасці ў наступных намінацыях:
гісторыя роднага краю (даследуюцца падзеі і факты гісторыі малой радзімы, помнікі археалогіі, гістарычны некропаль, даследаванні па тапаніміі і геральдыцы);
культурная спадчына (даследуюцца помнікі этнаграфіі і фальклору, аб’екты архітэктуры, дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва);
геаграфічнае краязнаўства (даследуюцца прыродныя асаблівасці рэгіёна: геалогіі, геамарфалогіі, гідралогіі, расліннага і жывёльнага свету; эканоміка, прамысловасць, сельская гаспадарка і інш.).
Даследчая работа навучэнцаў павінна быць заснавана на мясцовым краязнаўчым матэрыяле, адлюстроўваць актуальнасць, навізну і навуковы падыход.
Для эфектыўнага вырашэння пастаўленных задач у якасці кансультантаў праектаў навучэнцаў могуць выступаць супрацоўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, навукова-даследчых інстытутаў, а таксама спецыялісты адпаведнай накіраванасці з іншых устаноў.
Другі тур абласнога этапу конкурсу пройдзе ў форме навукова-практычнай канферэнцыі, дзе навучэнцы будуць абараняць свае навуковыя праекты. Чарговасць выступлення ўдзельнікаў абласной канферэнцыі вызначаецца аргкамітэтам. Рэгламент выступлення – да 7 хвілін (даклад), дадатковы час выдзяляецца на адказы на пытанні журы.
4.3 Патрабаванні да афармлення даследчых работ
Даследчая работа павінна прытрымлівацца наступнай структуры:
тытульны ліст (указваецца поўная назва ўстановы адукацыі (без скарачэнняў), раёна, вобласці, назва конкурсу/ намінацыі/ тэмы работы, прозвішча і імя аўтара работы, клас/ аб’яднанне па інтарэсах, прозвішча, імя і імя па бацьку кіраўніка работы, пасада, кантактны тэлефон; месца знаходжання ўстановы адукацыі і год выканання работы);
змест (змяшчае назву структурных частак работы з указаннем нумарацыі адпаведных старонак арабскімі лічбамі);
уводзіны (абгрунтоўваецца актуальнасць і навізна выбранай тэмы, мэта і змест пастаўленых задач, фармулюецца аб’ект і прадмет даследавання, указваецца метад (метады) даследавання для рашэння пастаўленых задач, аналізуецца існуючая літаратура па вызначанай тэме);
асноўная частка (павінна ўтрымліваць сабраную і апрацаваную даследчыкам інфармацыю: апісанне і аргументаваны аналіз асноўных разгледжаных фактаў са спасылкай на крыніцы, высновы);
заключэнне (утрымлівае асноўныя вынікі, да якіх аўтар прыйшоў у працэсе работы над даследаваннем, у адпаведнасці з пастаўленымі мэтамі і задачамі. Пры гэтым адзначаецца самастойнасць, навізна, тэарэтычнае і фактычнае значэнне вынікаў, прапановы па магчымым практычным выкарыстанні вынікаў даследавання);
спіс выкарыстанай літаратуры і інфармацыйныя рэсурсы (уносяцца ўсе крыніцы, якія былі выкарыстаны аўтарам работы. Спіс афармляецца ў адпаведнасці з правіламі бібліяграфічнага апісання);
дадатак (размяшчаецца дапаможны матэрыял для больш поўнага раскрыцця зместу і вынікаў даследавання).
У тэксце работы абавязкова размяшчаюцца спасылкі на літаратуру і дадаткі.
Да тэкста навукова-даследчай работы неабходна прыкласці тэзісы (не болей 3 старонак), у якіх адлюстроўваецца актуальнасць тэмы, мэта і задачы, вынікі даследавання (магчыма з канкрэтнымі прыкладамі).
Рэкамендацыі да напісання і афармлення даследчых работ, іх абароны будуць размешчаны на сайце Цэнтра https://centrture.edu-grodno.gov.by у раздзеле «Краязнаўства».
Да ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца:
рэфератыўныя і апісальныя работы;
работы, якія змяшчаюць плагіят і парушаюць правы іншых аўтараў;
работы, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі падобных конкурсаў мінулых гадоў, з дапрацоўкай ў змесце менш чым на 25%;
работы, якія прадстаўлены на адпаведныя этапы пазней устаноўленага тэрміну або прадстаўленыя з парушэннем патрабаванняў дадзеных умоў.
4.4 Асноўныя крытэрыі ацэнкі конкурсных работ на першым туры:
актульнасць і навізна даследавання, тэарэтычная і практычная значнасць работы;
паўната раскрыцця тэмы;
навуковасць і аналітычны падыход;
лагічнасць выкладання, структураванне даследавання;
адпаведнасць патрабаванням конкурсу.
Асноўныя крытэрыі ацэнкі конкурсных работ на другім туры:
якасць выступлення (паўната, лагічнасць прадстаўлення работы, аргументаванасць, валоданне навуковым стылем выкладання, мультымедыйнае суправаджэнне);
камунікатыўныя якасці дакладчыка (эрудыцыя і культура аўтара, падрыхтаванасць да дыскусіі, утрыманне ўвагі аўдыторыі, вытрыманасць часу);
адказы на пытанні (паўната, аргументаванасць уласнага меркавання, перакананасць, уменне весці дыскусію і выкарыстоўваць адказы для паспяховага раскрыцця тэмы, ступень валодання інфармацыяй у абранай тэме).
4.5 Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў і прызёраў конкурсу
Конкурсныя работы (у друкаваным выглядзе) пераможцаў і прызёраў раённых этапаў конкурсу, не болей 4 праектаў у кожнай намінацыі, і пратаколы пасяджэння журы з указаннем колькаснага аналізу ўдзельнікаў раённых этапаў конкурсу дасылаюцца на абласны этап да 14 лютага 2025 года на адрас: 230023, г. Грода, завулак Тэлеграфны,2 (аддзел краязнаўства). Электронныя варыянты конкурсных работ дасылаюцца на адрас kraeved_department@mail.ru. Тэлефон для даведак: (8015) 620 602
Конкурсныя работы, якія прадстаўлены на першы тур абласнога этапу, разглядаюцца абласным журы конкурсу. Работы, якія па выніках ацэньвання журы набралі найбольшую колькасць балаў дапускаюцца да ўдзелу ў другім туры. Спіс удзельнікаў другога тура абласнога этапу конкурсу размяшчаецца на сайце Цэнтра https://centrture.edu-grodno.gov.by прыкладна за тыдзень да пачатку другога тура абласнога этапу.
Пераможцы і прызёры заключнага этапу конкурсу вызначаюцца па выніках двух тураў і ўзнагароджваюцца дыпломамі I, II, III ступені (у кожнай намінацыі).
Пры падвядзенні вынікаў конкурсу пры роўнай колькасці балаў на падставе рашэння журы можа ўсталёўвацца адпаведная колькасць прызавых месцаў (першае, другое, трэцяе) з улікам двух узроставых катэгорый (13-14 гадоў, 15-17 гадоў).
- Фінансаванне конкурсаў Акцыі ажыццяўляецца:
на першым, другім, трэцім этапах ‒ ва ўстаноўленым парадку за кошт сродкаў мясцовага бюджэту, якія выдзяляюцца на цэнтралізаваныя мерапрыемствы ў галіне адукацыі, і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам;
на рэспубліканскім этапе – ва ўстаноўленым парадку за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, якія выдзяляюцца на цэнтралізаваныя мерапрыемствы ў галіне адукацыі, і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.